Змены дыктуе час

На мінулым тыдні члены прафсаюзнай арганізацыі 1-га ваеннага шпіталя і ваеннаслужачыя разам са старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргеем Патапенкам абмеркавалі змяненні і дапаўненні ў праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

—Кожная краіна жыве па сваіх законах, — пачаў размову Сяргей Патапенка. — Беларусь — таксама. Жыццё ідзе і патрабуе змен, якія актуальныя сёння. Для мяне як лідара прафсаюзнай галіны дзяржаўных і іншых устаноў самае галоўнае тое, што праект Канстытуцыі захоўвае сацыяльную накіраванасць дзяржаўнай палітыкі. Мне часта даводзіцца бываць у дамах для састарэлых, інвалідаў. Толькі дзякуючы дзяржаве гэта катэгорыя насельніцтва адчувае сябе абароненай. У нас бясплатная адукацыя, медыцына. Асабіста я звярнуў увагу на 45-ы артыкул. У яго прапануецца ўключыць палажэнне, што грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні свайго здароўя. Гэта не значыць, што дзяржава здымае з сябе абавязак па ахове здароўя насельніцтва. Аднак, як паказваюць міжнародныя даследаванні, здароўе чалавека больш чым на 60% залежыць ад яго ладу жыцця і толькі на 10% — ад узроўню медыцыны. Таму кожны павінен адказна адносіцца да свайго здароўя: адмовіцца ад курэння, ужывання алкаголю, наркотыкаў, а займацца спортам, правільна харчавацца. Я прайшоў па вашай установе і бачу, што яна забяспечана сучасным абсталяваннем, у вас прафесійны медперсанал. А значыць, у вашых сілах аказваць годную медыцынскую дапамогу.

Адзначыў Сяргей Патапенка і тое, што ў праекце Асноўнага Закона дакладна вызначана знешняя палітыка дзяржавы: Беларусь — мірная краіна, яна падтрымлівае міралюбівую знешнюю палітыку і выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў. У той жа час пакідае за сабой права адказваць на варожыя выклікі. Падрабязна спыніўся на прававой сістэме дзяржавы, ролі Усебеларускага народнага сходу, заклікаў прысутных не заставацца раўнадушнымі да лёсу Беларусі, а разам будаваць моцную дзяржаву.

Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў падкрэсліў, што прафсаюзы павінны заставацца моцным ядром, не страчваць адзінства. У складзе прафсаюзнай арганізацыі 1-га ваеннага шпіталя — 204 чалавекі. Узначальвае яе галоўная медыцынская сястра медчасці шпіталя Анастасія Рагіня. Яна згуртавала вакол сябе актыў, а вакол яго — і ўсю прафарганізацыю, стварыла пазітыўны мікраклімат у калектыве.

Сяргей Патапенка ўручыў узнагароды Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў прафсаюзнаму лідару шпіталя Анастасіі Рагіні і актыўным членам прафсаюза Уладзіміру Лынкову і Таццяне Валабуевай.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара

Материал: https://www.postawy.by/